Аб праекце

Як мы слухаем песні? Ды як калі. Паглядзім кліп па тэлевізары, пачуем па радыё, падхопім у знаёмага - і песня ўжо круціцца на языку. Ходзім, мармычам сабе, тыпу вясёлыя. Больш свядома - гэта калі вызначаем кола песень і слухаем іх. Скажам, упадабалі "Старога Ольсу" - пераслухоўваем усяго "Старога Ольсу". Паклалася на сэрца "Мроя" - слухаем "Мрою".

Аднак жа і першы, і другі падыход падобныя ў тым, што слухаючы адну музыку, не слухаем іншую і тым абмяжоўваем сябе. Мы заслугоўваем большага! Ды і багатая беларуская музычна-песенная культура вартая таго, каб цешыліся яе разнастайнымі пластамі, а не толькі тымі, што папулярныя сёння і зараз дзякуючы выпадковаму збегу акалічнасцяў.

Значыцца, патрэбны нейкі новы спосаб слухаць беларускія песні. Не гойсаючы па вяршках, але і не зацыкліваючыся. Не патураючы ні сваім слабасцям, ні чужым амбіцыям, ні выпадку - слухаць так, каб гэта было натуральна і ўніверсальна. І разам з тым дастаткова доўга, бо каб грунтоўна пазнаёміцца з беларускімі песнямі, трэба час.

Такі спосаб ёсць - слухайма песні па календары! Кожны дзень году звязаны з нечым асаблівым. Нарадзіўся хтосьці знакаміты, адбылася грандыёзная сеча, урад пэўнай краіны прыняў (не)папулярнае рашэнне, надышоў дзень усеагульнага замілавання ці проста раптам настала вясна - аб усім гэтым можа (і павінна) быць праспяваная песня.

Тэхнічна вырашыць гэтую задачу закліканы Беларускі музычны каляндар. Запрашаю вас паставіць закладку і штодня, пажадана раніцай, заходзіць сюды слухаць каляндарна слушныя песні. Кожны дзень характарызуе безліч падзей, таму на кожны дзень прыпадае некалькі песень. Незалежна ад даты, пад настрой і/або ў адпаведнасці з паравінай году і/або часам дня і/або надвор'ем, слухайма адмыслова падабраныя песні - пра вясну ці восень, раніцу або вечар, сонца альбо снег (гл. кнопкі ўверсе). Можаце таксама ўявіць сябе ў пэўным горадзе або краіне (гл. спасылкі ўнізе).

Загрузка пэўнай старонкі-даты можа заняць час, але яно таго варта - слухаць песні з яе можна цэлы дзень. Перадусім пачытайце аб свяце, падзеі ці асобе, з якой асацыявана песня. Сувязь гэта можа быць змястоўнай або фармальнай, істотнай або неістотнай, наўпроставай або метафарычнай, відавочнай або неяўнай. Калі ўсталяваць сувязь ніяк не атрымліваецца, то найчасцей таямнічая асоба - аўтар тэксту або мелодыі.

Пачынаем нарэшце слухаць. Можна націснуць кнопку прайгравальніка і сысці займацца сваімі справамі, але я б параіў слухаць, маючы асалоду ад мроіва-ролікаў. Распрацуйце асабістую методыку іх сузірання. Спачатку можна проста сачыць за зменамі выявы ў такт музыцы; з часам паспрабуйце прадказваць, у які бок будзе змена ў канкрэтны момант. Можна расслабіць вочы і сузіраць увесь экран, можна сачыць за пэўным яго месцам, а можна чаргаваць гэтыя заняткі. У нейкі час можна абстрагавацца ад тэксту і сканцэнтравацца на мроіве, а ў наступны момант ігнараваць мроіва і ўслухацца ў тэкст. Эксперыменты вітаюцца!

Мроіва-ролікі маюць перад кліпамі тую перавагу, што не ачмураюць слухача-гледача відэашэрагам, не маючым адносін да песні. Дробныя планы кліпаў грузяць нас інтэр'ерам, у якім адбываецца канцэрт, паказваюць "масавасць" аўдыторыі і яе экзальтацыю. Буйныя планы падкрэсліваюць мужчынскія і жаночыя вартасці выканаўцаў. І тое, і другое мае на мэце псіхічнае заражэнне, эмацыйны саўдзел гледача праз вобразы іншых асоб - але не праз песні як такія. У адрозненне ад кліпаў, мроіва-ролікі даюць магчымасць удумліва слухаць і развіваюць нашу фантазію. Пры гэтым яны не такія безаблічныя, як аўдыёзапісы.

Ёсць фантастычнае апавяданне, у якім іншапланецяне не слухалі музыку, а адчувалі, бачылі яе ў выглядзе навора неверагодна прыгожых каляровых камбінацый. Адзін зямлянін надта ж хацеў гэта паспрабаваць. Яго доўга адгаворвалі: маўляў, на ўсё жыццё станеш залежным, не здолееш спакойна жыць, але ніколі не зможаш адчуць гэтага зноў. Зямлянін усё ж настояў на сваім...

Канечне, можна адразу пачаць клікаць па датах, праслухаць дзве-тры песні на трох-чатырох выпадкова абраных днях, (не)прыемна стаміцца і з выглядам эксперта паведаміць знаёмым, што вы, маўляў, вывучылі беларускую песенную спадчыну. Аднак ідэя Беларускага музычнага календара ў іншым: пазнаёміцца з песнямі грунтоўна, нетаропка, нязмушана і натуральным чынам. Дзеля адэкватнага ўспрыняцця песень патрэбна яшчэ і цішыня ў дастаткова працяглых перапынках паміж імі. Адзін год дзеля ўсяго гэтага - разумны тэрмін. Слухайма песні дзень пры дні і не спяшаймася.
Беларускі музычны каляндар - мая асабістая ініцыятыва і ўласнаручнае выкананне. Я падбіраю візуалізатары, запісваю і размяшчаю мроіва-ролікі ў Сеців
е, суадношу песні з канкрэтнымі датамі, абнаўляю гэты сайт.

Ідэя сабраць разам беларускія песні, рассыпаныя па ўсім Сеціве на малавядомых сервісах, з'явілася год таму ў навагоднюю ноч. Задаўшыся мэтай, я менш як за 365 дзён паспеў апрацаваць 2011 песень. Гэтым календаром я віншую беларусаў і аматараў беларускай культуры з Новым 2011 годам.

Галоўны прынцып палягае ў фармальнай адпаведнасці песень каляндарным датам: ніводнай даты без песні і ніводнай песні без даты. Пры гэтым не прымаліся ў разлік ні так званая мастацкая вартасць, ні музычны стыль, ні вядомасць выканаўцаў, ні суладнасць песень, змешчаных на адной старонцы. Звычайна першымі ідуць творы, адпаведныя святам і міжнародным дням, потым - падзеям і нарэшце - дням нараджэння. Я не імкнуўся да раўнамернага размеркавання песень і выканаўцаў па датах. Каляндарная адпаведнасць і мастацкая вартасць - незалежныя пераменныя. Часта добрую лірычную песню ўкаляндарыць цяжка, але ж песні рэдка пішуцца пад канкрэтныя даты.


Канцэпцыя беларускага музычнага календара вытрымана ў агульным. Так, поруч з песнямі на беларускай мове, ёсць на азербайджанскай, англійскай, ідышы, іспанскай, нямецкай, польскай, рускай, украінскай, французскай, цыганскай, шведскай, эсперанта. Акрамя музыкі і спеваў, у мроіва-роліках трапляюцца дэкламаваныя вершы і шумавыя кампазіцыі з натуральных гукаў. На некаторыя розныя святочныя дні
прызначаны адзін і той жа набор песень: часам з прычыны тэматычнай блізкасці, часам з улікам папулярнасці свята паводле новага і старога стыляў.

Каляндар, аднак, стаўся б немагчымым без саміх беларускіх выканаўцаў, сярод якіх


гурт “
Алмазный фронт”, дуэт "
Аляксандра і Канстанцін", гурты “Бан-Жвірба”, “Бонда”, "Верасы", “Вялікае Княства”, дуэт "Галіна і Барыс Вайханскія", “Госціца”, “Джамбібум”, хор "Залатая горка", “Кадаш”, гурты “Камелот”, “Кліч”, “Крама”, “Крамбамбуля”, “Ліцэй”, “Мроя”, “Мясцовы час”, “Новае неба”, “Палац”, “Правакацыя”, “Радасць”, “Спрат”, “Старасвет”, “Стары Ольса”, “Термін Х”, “Унія”, хор Міколы Равенскага, “Чырвоным па белым”, “Magnificat”, “Neuro Dubel”, “Sciana”, “Tesaurus”, “Testamentum terrae”, “Ulis”, “Unia” “Znich”,

спевакі і спявачкі Ален, Алесь Камоцкі, Андрэй Мельнікаў, Анжэліка Агурбаш, Вальжына Цярэшчанка, Віктар Шалкевіч, Вольга Акуліч, Данчык, Зміцер Бартосік, Зміцер Вайцюшкевіч, Зміцер Сідаровіч, Інэса Леаданская, Ірына Дарафеева, Кастусь Герашчанка, Кася Камоцкая, Ксенія Сітнік, Лера Сом, Лявон Вольскі, Святаслаў Ліпень, Сяржук Сокалаў-Воюш, Таццяна Беланогая, Эдуард Акулін.


За дапамогу ў наладжванні кантактаў з людзьмі дзякуй Алегу Ціханаву, Валярыне Куставай, Зміцеру Падбярэзскаму, Зміцеру Сідаровічу, Зосі Крук, Міколу Арцюхову, Надзеі Сычуговай, Таццяне Беланогай, Франаку Вячорку.

Дзякуй таксама каштоўным сайтам, да якіх я звяртаўся, рыхтуючы каляндар: Архівы Беларусі, афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь, сайт згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", нацыянальны паэтычны партал Vershy.ru, беларуская Вікіпедыя, беларуская Інтэрнет-бібліятэка "Камунікат", беларуская палічка Knihi.com, 7 нот беларускага року: акорды і табулатуры, электронная энцыклапедыя Slounik.org, слушны музычны партал Тузін Гітоў, музычны гід Experty.by, а таксама сайты спевакоў, гуртоў і іх фанаў.


Уладзімір Слабін